.
Сама сабе зрабіла тлуму –
У Мінску есць, якраз ля ЦУМу,
Паслуга – гаваркія вагі,
Таўстушак сумны цвік увагі.
На іх становяцца нясмела,
Сыходзяць з тварам пахмурнелым.
Ну і мяне паблытаў бес -
Са мной на тыя вагі ўзлез.
І вагі сведчылі заўзята
Мне: “Вы немного полноваты,
Необходимо сбросить вам
Всего лишь тридцать килограмм”.
Стук сэрца не змагла ўняць:
Калі ж з мяне, ды столькі зняць?
Як буду я тады глядзецца?!
Мяне ж нямножка застанецца.
Не для слабых галоў задача.
І вось на вагах.., трэба бачыць!
Мо год не кормлена, няйначай,
Жывы мяшок касцей грымячых.
Як балахон абвісла скура
“Вы – идеальная фигура!”, -
Ей вагі так дэкламавалі,
Настрой нябозе падымалі.
І шчасцем засвяцілісь вочы,
Але, сустрэцца з ей уночы,
Нікому, людзечкі, не раю,
Ад стрэсу вас засцерагаю
.
Яна штодня сябе тут важа...
Бо хто ж ей болей гэта скажа?!
Пачуць прыходзіць за купюру
Пра ідэальную фігуру.
Цяпер ўсім парадам мерка,
Есць для мяне мае люстэрка.
Гляжу на постаць мілую,
Люблю сябе, любімую.
У кожнага свая фактура,
Мой ідэал – мая фігура!
|